Кіеўскі экспэрт мяркуе, што Расея пацярпела крах ва «ўкраінскай кампаніі»

Радыё Свабода  10.02.2016

Палітоляг Віктар Каспрук перакананы, што пасьля таго, як Расея пакіне ўкраінскія тэрыторыі, Крым і Данбас, Украіна павінна атрымаць ад Масквы кантрыбуцыю.

Кіеўскі палітоляг Віктар Каспрук лічыць, што перамовы Трохбаковай кантактнай групы па Данбасе фактычна ўвесь час знаходзяцца ў тупіку, але Ўкраіне ня трэба адмаўляцца ад менскіх паседжаньняў.

Гэтае меркаваньне ён выказаў у інтэрвію Свабодзе.

Заплянаванае на сёньня ў Менску паседжаньне Трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляваньні канфлікту на ўсходзе Ўкраіны перанесена на пазьнейшы тэрмін. Хутчэй за ўсё, сустрэча кантактнай групы адбудзецца пасьля перамоваў у Мюнхэне кіраўнікоў МЗС краін «нармандзкай чацьвёркі» (Украіна, Расея, Нямеччына, Францыя).

На мінулым тыдні з адпаведнай прапановай выступіў прадстаўнік Украіны на перамовах у Менску Леанід Кучма. Украінскі бок патлумачыў гэта тым, што па ніводным з пунктаў менскіх дамоўленасьцяў не назіраецца прагрэсу, а прарасейскія баевікі надалей не выконваюць рэжым цішыні.

На думку Віктара Каспрука, адсутнасьць палітычнай волі Крамля да мірнага ўрэгуляваньня канфлікту на Данбасе — гэта галоўная прычына таго, што перамовы кантактнай групы зайшлі ў тупік:

«Расея ўспрымае акупаваныя ўкраінскія тэрыторыі як вялікі пляцдарм свайго ўплыву на Ўкраіну. Адмовіцца проста так ад усяго яна ня можа. Калі б Расея хацела міру з Украінай, яна б не плянавала і не рэалізоўвала ўварваньня ва Ўкраіну. Таму вельмі цяжка паверыць у добры намер агрэсара, які хоча выдаць сябе за міратворца. Масква ўжо настолькі забрахалася ў сваіх заявах адносна Ўкраіны, што зараз адступіць ад гэтай парадыгмы хлусьні яна ўжо проста ня здольная», — упэўнены палітоляг.

Каспрук канстатуе, што бакі ніяк ня могуць дамовіцца па такіх прынцыповых пытаньнях, як мясцовыя выбары на Данбасе і кантроль за ўкраінска-расейскай мяжой:

«Праблема ў тым, што мы не кантралюем мяжу з Расеяй, — кажа ён. — Зразумела, што калі б там стаялі міратворцы, то Расея б не магла дасылаць так званыя гуманітарныя канвоі, якія складаюцца ў асноўным са зброі. Ясна, што тады ўвесь праект сэпаратысцкіх рэспублік вельмі хутка б скончыўся.

Мне здаецца, што гэта адно з галоўных пытаньняў — Масква ніяк ня хоча пагаджацца на кантроль Украіны над сваёй мяжой з Расеяй. А мы ня можам пагадзіцца на тое, каб паставіць воз паперадзе каня.

Таму ўсе гэтыя пазыцыйныя гульні, узгадненьні, пераўзгадненьні — яны заводзяць у тупік».

«Расейская дыпляматыя мае шматгадовы досьвед геапалітычнай казуістыкі, і яна намагаецца навязаць Украіне тое, на што тая апрыёры пагадзіцца ня можа. І таму трэба разумець, што гэты перамоўны працэс, калі ён будзе працягвацца і далей, ён будзе цярністы, доўгі і не абавязкова будзе прыводзіць да тых вынікаў, на які разьлічваюць абодва бакі», — дадае Каспрук.

Але, зь іншага боку, час працуе на Ўкраіну, лічыць палітоляг:

«Расея атрымала санкцыі, якія зь яе ня здымуць, пакуль яна ня выйдзе з акупаваных тэрыторыяў. Таму гэтую пазыцыйную гульню можна працягваць дастаткова доўгі час — пакуль ня сыдзе з прэзыдэнцкай пасады Пуцін, або Расея апынецца ў такой эканамічнай сытуацыі, калі яна ўжо ня зможа фінансаваць гэтую палітычную афэру».

Перамовы наконт абмену палоннымі таксама зайшлі ў тупік. На думку Каспрука, прычына тут у тым, што Расея ня хоча пагаджацца на формулу «ўсіх на ўсіх», каб ня страчваць дадатковыя рычагі ўплыву на Ўкраіну.

«Расеі выгадна, каб так званыя сэпаратысцкія рэспублікі трымалі ў закладніках частку ўкраінскіх вайскоўцаў, якіх яна, магчыма, хоча на нейкім этапе выкарыстаць як перавербаваных агентаў. Мы ведаем, што з тымі, хто трапіў у палон, расейскае ФСБ праводзіла пэўныя размовы, але ў большасьці выпадкаў людзі адмаўляліся ад такіх прапаноў», — кажа ён.

Каспрук не выключае, што бліжэйшым часам можа адбыцца эскаляцыя супрацьстаяньня на Данбасе.

На думку экспэрта, у сярэдзіне ці напрыканцы вясны Уладзімер Пуцін можа пайсьці на ўварваньне ці, хутчэй за ўсё, імітацыю ўварваньня ва Ўкраіну.

Паводле слоў Каспрука, Пуцін імкнецца пастаянна ціснуць на Кіеў, палохае тым, што калі Ўкраіна ня пойдзе на саступкі, то Расея будзе забіраць і іншыя ўкраінскія тэрыторыі. Але сёньня гэта хутчэй блеф, кажа экспэрт:

«Гэта больш блеф, чым рэальныя магчымасьці Масквы. Па-першае, Расея цяпер вельмі эканамічна аслаблена. Па-другое, ня так моцна хочуць расейскія вайскоўцы ваяваць ні за што. Па-трэцяе, хоць невялікі, але ёсьць пратэст у расейскім грамадзтве — бацькі ня хочуць, каб зь іх дзяцей рабілі „гарматнае мяса“.

Пуцін пралічыўся. Калі б ён змог правесьці той бліцкрыг, які Расея плянавала спачатку, то, магчыма, расейскае грамадзтва больш ляяльна ставілася б да таго, што робіцца Расеяй ва Ўкраіне. А цяпер сытуацыя зацягнутая на два гады. Здабыць „Наваросію“, як плянавалі Пуцін і кампанія, не атрымалася. То бок яму няма як даць справаздачу ні перад звычайнымі расейцамі, ні перад сваім бліжэйшым атачэньнем. Фактычна Расея пацярпела крах ва ўкраінскай кампаніі. Цяпер гэты крах міжнародная супольнасьць і Ўкраіна павінны замацаваць», — падкрэсьлівае экспэрт.

Каспрук лічыць, што калі Ўкраіна пратрымаецца да лета, то Крэмль пад ціскам санкцыяў будзе вымушаны «адпаўзаць» — то бок пойдзе на саступкі.

«Адзінае, што яны, верагодна, не захочуць губляць твар: каб гэта выглядала ня так, што іх проста выгналі з Украіны, а што яны сышлі добраахвотна. У такім разе мы можам нават трошкі ім падыграць.

Але Ўкраіна мае прынцыповую пазыцыю: усе ўкраінскія тэрыторыі павінны быць вернутыя. Адзінае, што тут можна дадаць, — гэта тое, што Ўкраіна, пасьля таго як Расея пакіне ўкраінскія тэрыторыі, павінна атрымаць кантрыбуцыю за тыя эканамічныя, людзкія і маральныя страты, якія мы атрымалі ў выніку вар’яцкай палітыкі Пуціна. Таму ўжо цяпер трэба падлічваць тыя страты, якія нам нанесла Расея за два гады акупацыі ўкраінскай тэрыторыі», — падкрэсьлівае экспэрт.

http://www.svaboda.org/content/kaspruk-rasieja-paciarpiela-krach-va-ukrainskaj-kampanii/27543377.html

 

Advertisements
Опубліковано у Uncategorized | Теґи: , , , , , , , . | Додати в закладки: постійне посилання на публікацію.

Залишити відповідь

Заповніть поля нижче або авторизуйтесь клікнувши по іконці

Лого WordPress.com

Ви коментуєте, використовуючи свій обліковий запис WordPress.com. Log Out / Змінити )

Twitter picture

Ви коментуєте, використовуючи свій обліковий запис Twitter. Log Out / Змінити )

Facebook photo

Ви коментуєте, використовуючи свій обліковий запис Facebook. Log Out / Змінити )

Google+ photo

Ви коментуєте, використовуючи свій обліковий запис Google+. Log Out / Змінити )

З’єднання з %s